КРЭ́МНІЮ КАРБІ́Д, карбарунд,

хімічнае злучэнне крэмнію з вугляродам, SiC.

Бясколерныя крышталі з алмазным бляскам (пры наяўнасці прымесей мае зялёны, цёмна-шэры ці чорны колер). Тугаплаўкі (tпл 2830 °C, плавіцца з раскладаннем); па цвёрдасці саступае толькі алмазу і карбіду бору; паўправаднік. Хімічна ўстойлівы: не ўзаемадзейнічае з к-тамі (акрамя канцэнтраваных плавікавай і азотнай), растворамі шчолачаў. Атрымліваюць узаемадзеяннем дыаксіду крэмнію з вугалем пры 1600—2800 °C, крэмнію з вугляродам пры т-ры вышэй за 1150 °C. Выкарыстоўваюць як абразіўны матэрыял для шліфавальных кругоў, брускоў, як кампанент вогнетрывалых матэрыялаў, для вырабу варыстараў, паўправадніковых дыёдаў і фотадыёдаў.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)